Ад Касцюшкі да Міцкевіча. Беларусы прайшліся шэсцем па Варшаве.
03.24.2019
Незалежнасць і свабода – тыя каштоўнасці, якія яднаюць беларусаў з усяго свету. У тым ліку, вядома, і ў Польшчы. Сёння ў Варшаве ладзілася традыцыйная імпрэза з нагоды абвешчання незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Імпрэза распачалася з мітынгу каля помніку Тадэвушу Касцюшку – герою паўстання 1794-га года. Пасля гэтага ўдзельнікі імпрэзы – а іх сабралася больш за 100 асобаў – рушылі шэсцем праз цэнтр Варшавы да помніку Адаму Міцкевічу.
«Вельмі годна беларусы ішлі цэнтральнымі вуліцамі Варшавы, вельмі прыемна было, што нас падтрымлівалі варшавякі ды госці польскай сталіцы. Салідарнасць суседняга польскага народу была вельмі адчувальная і адчувальная цяпер», – кажа Алесь Зарэмбюк, сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве.
Падобныя імпрэзы ладзяцца з 2012-га году.
«Адчуваецца еднасць беларускага народу, і таксама шмат знаёмых твараў з мінулага года і з Беларусі», – кажуць удзельнікі акцыі кажуць.
Гісторык Ігар Мельнікаў, які ўзяў удзел у святкаванні, павіншаваў прысутных і падзяліўся сваім рэцэптам стаць сапраўднымі беларусамі:
«Жадаю беларусам, каб яны больш глыбока даследавалі ўласную гісторыю, каб яны звярталіся да сваіх гістарычных ведаў, каб размаўлялі са сваймі старымі, якія яшчэ жывуць, каб шанавалі сваю гістарычную спадчыну. Толькі так мы можам прайсці свой шлях да беларушчыны і канчаткова стаць не нейкімі «тутэйшымі», а сапраўднымі беларусамі».
Мітынгам каля помніку Адаму Міцкевічу святкаванні ў Варшаве не скончыліся. Беларускі Дом запрасіў усіх да сябе на дадатковы канцэрт музыкі Іллі Фаляжынскага.
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.