Beta

АФІЦЫЙНАЕ АДКРЫЦЦЁ БЕЛАРУСКАГА ДОМУ

09.26.2011

Беларускі Дом у Варшаве адчыніў свае дзверы 26 верасня 2011 г. Дом створаны дзякуючы супрацы дзвюх беларускіх арганізацый: Руху “За Свабоду” і “Еўрапейскай Беларусі”. 

Марэк Буцько,  былы намеснік Амбасадара Рэспублікі Польшча ў Беларусі, віцэ-прэзідэнт Фонду “Свабода і Дэмакратыя”, які дапамагаў у стварэнні Беларускага Дома, падчас адкрыцця заявіў:

–          Паўстанне Беларускага Дому ў Варшаве стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву дзвюх вядучых беларускіх апазіцыйных арганізацый. – Руху “За Свабоду” і “Еўрапейскай Беларусі”, – а таксама іх польскіх сяброў.

Падтрымку Беларускаму Дому выказалі шматлікія прадстаўнікі беларускай апазіцыі, у тым ліку ўдзельнік нашай канферэнцыі Станіслаў Шушкевіч:

–          Я вельмі ўзрадаваны адкрыццю вашага асяродка: я прапаноўваў стварыць нешта падобнае ўжо шмат год.

Беларускі Дом у Варшаве – гэта месца супольнай працы беларускіх дэмакратычных арганізацый, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі і дзеячоў культуры, а таксама шматлікіх іншых асобаў, якім блізкая беларуская справа.

 

Ліст ад Аляксандра Мілінкевіча, які мы атрымалі ў дзень адкрыцця:

 

Брэст, 25 верасня 2011 г.

Шаноўныя заснавальнікі Беларускага Дому ў Варшаве!

Маю гонар павіншаваць Вас, Вашую каманду, а таксама ўсіх варшаўскіх беларусаў са стварэннем новай прасторы для ўзаемадзеяння і ўзаемадапамогі – Беларускага Дому ў Варшаве.

Мы ведаем, што Польшча з’яўляецца стратэгічным саюзнікам свабоднай еўрапейскай дэмакратычнай Беларусі. Мы вельмі цэнім увагу, салідарнасць і дапамогу, скіраваныя ў Беларусь і для вольных беларусаў з-за Бугу.

Таксама ўдзячныя Польшчы і польскаму народу за падтрымку тых беларусаў, якія змушаныя пакінуць сваю Радзіму, але не цураюцца далейшай дзейнасці на карысць дэмакратычных зменаў і еўрапеізацыі ў Беларусі. І такіх людзей шмат. Нам патрэбны іхні патэнцыял, іхнія веды, іхняя палымяная любоў да краю, у які яны пакуль не могуць вярнуцца.

 

Таму новая маладая і дынамічная хваля беларускай эміграцыі павінна яднацца і супрацоўнічаць. Ствараць уласныя асяродкі, кшталтаваць сваю беларускасць, інфармаваць пра падзеі ў нашай краіне, дбаць пра кантакты беларусаў з цывілізаваным светам.

Я веру, што дзверы новастворанага Дому будуць адчыненыя для ўсіх, каму неабыякавая будучыня Беларусі, незалежна ад іх палітычных поглядаў ці жыццёвых перакананняў. Вельмі лічу на тое, што дзейнасць Дому будзе спрыяць паглыбленню сувязаў паміж беларусамі і палякамі.

Зычу Вам поспеху і рэалізацыі планаў. Няхай Беларускі Дом у Варшаве будзе прытульным, а ягоная праца – эфектыўнай!

Няхай як найхутчэй адбудуцца так патрэбныя змены ў нашым агульным доме, на нашай роднай зямлі, каб наш народ мог у поўным аб’ёме скарыстацца з свабоднага, дэмакратычнага развіцця, а маладая, дынамічная моладзь магла годна служыць Беларусі і яе народу.

Жыве Беларусь!

С павагай,

Аляксандар Мілінкевіч

 

Сардэчна дзякуем усім, хто нас падтрымлівае. Абяцаем спраўдзіць надзеі, звязаныя з Беларускім Домам.

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok