Beta

Беларуска-польскі гурт стварае музыку з шалясьценьня пяску й вады

07.23.2017

Cicha wodaКаб пачуць музыку, якую грае новы праект Cicha Woda, патрэбная амаль поўная цішыня.

Новае беларуска-польскае трыо прымушае гучаць любы аб’ект- ад экзатычных барабанаў ці кавалкаў мармуру да вады. Аднак каб пачуць музыку, якую граюць артысты, патрэбная амаль поўная цішыня. У беларускім доме ў Варшаве адбыўся першы канцэрт незвычайнага музычнага праекту – гурту Cicha Woda («Ціхая вада»). З музыкамі новага гурту Пятром Дамброўскім, Веранікай Лось і Аляксеем Варсобам размаўляў Аляксандар Папко.

Удзельнікі гурту Cicha Woda ствараюць музыку як пры дапамозе інструмэнтаў, так і пры дапамозе звычайных і незвычайных прадметаў. Яны граюць на гліняных барабанах нігерыйскага племені Ігба, здабываюць гукі пры дапамозе пяску й вады, ледзьве прабягаючыся па клявішах акардэону, граюць на гранітных плітках і кавалках скалы й нават дзіцячых цацках. Бязладныя гукі зьліваюцца ў мэлёдыю і ўводзяць слухачоў у транс.

Барабаншчыкам гурту зьяўляецца польскі майстар «гукавой мэдытацыі» Пётр Дамброўскі. Акрамя музыкі, ён займаецца скульптурай і паэзіяй. Кожны прадмет, які артыст прымушае гучаць, мае сымбалічнае значэньне – кажа Пётр Дамброўскі.

Cicha woda

Пётр Дамброўскі: Я да кожнага прадмету падыходжу вельмі сымбалічна. Гліняны барабан, які называецца «уду», я лічу дасканалым інструмэнтам. Ён вельмі просты, быў створаны людзьмі, якія бяруць сваю сілу зь зямлі. Сам барабан, фактычна, таксама зроблены зь зямлі – ён гліняны. Камяні для мяне таксама блізкія. Мяне завуць Пётр, што ў перакладзе азначае «камень». Я люблю камяні, зьбіраю іх. Мне вельмі важна мець кантакт з зямлёй.

Трыо складаецца з артыстаў-аднадумцаў, якім вельмі падабаецца музыкальная імправізацыя – тлумачыць Пётр Дамброўскі.

Пётр Дамброўскі: Наш гурт нарадзіўся сам сабой. Аднойчы я пачуў сьпеў Веранікі. Яе голас мяне вельмі ўзрушыў. Яна ўмее сьпяваць ціха й вельмі чыста. Затым я пачуў Аляксея, які граў у праекце Warsaw Improvisers Orchestra. Мне вельмі падабаецца яго падыход да інструмэнта. Я запрапанаваў стварыць мастацкі праект, і яны ахвотна пагадзіліся.

Вакалістка Вераніка Лось назвала стыль, у якім яны працуюць «ціхая імправізацыя». Першыя гуказапісы неўзабаве зьявяцца ў сеціве, а самі музыкі мараць аб запісу альбому «ціхай музыкі» – кажа Вераніка.

Вераніка Лось: Гэтая музыка мне вельмі блізкая па стылі. Я вельмі даўно займаюся вакальнай імправізацыяй. Мы вельмі блізкія па духу людзі, таму мы хутка знайшлі кантакт і вырашылі працаваць разам. Я думаю, што пасьля гэтага канцэрту мы зробім вельмі добры гуказапіс, якім мы падзелімся ў сацыяльных сетках.

Cicha woda

Трэці ўдзельнік «Ціхай вады» – гэта лідар трыо PortMone, вядомы беларускі акардыяніст Алексей Варсоба. Ён удзельнічае ў шматлікіх музычных праектах, запісвае трэкі да тэатральных пастановак, грае жывую музыку ў «складаных», не прыстасаваных для гэтага асяродзьдзях. Стварэньне незвычайна ціхай музыкі, артыст палічыў вельмі цікавым выклікам.

Алексей Варсоба: Гэта цікавая творчая задача – граць ціха, як мага цішэй, але пры гэтым, каб самае ціхае было чутно. Зрабіць фортэ так ціха, каб яго пачулі толькі ціхія і ўважлівыя. Гэта вельмі цікавая творчая задача.

Ціхая музыка прыцягвае артыста тым, што для таго, каб яе граць, хопіць акустыкі малога пакою, а яшчэ тым, што ад слухача яна патрабуе максымальнай увагі.

Алексей Варсоба: Акустыкі такога малога пакою, у якім мы знаходзімся цяпер, абсалютна дастаткова. Гэта нашмат цікавей за silent disco. Вельмі прыемна, калі аўдыторыя слухае цябе максымальна ўважліва. Гэта адна з неабходных умоваў такой музыкі.

Cicha woda

Калі «ціхая імправізацыя» прыйдзецца да спадобы слухачам, то праект будзе працягнуты. «Калі ж музыка водгуку не знойдзе – то экспэрымэнт будзе скончаны, і мы пойдзем далей», – кажа акардыяніст Алексей Варсоба. Пакуль жа беларуска-польскае трыо «Ціхая вада» запісвае свае першыя кампазыцыі, якія хутка будуць апублікаваныя ў Сеціве.

Аляксандар Папко

radio.net

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok