Beta

„Ідэя незалежнасці аб’яднала і сучаснае беларускае грамадства”

11.29.2019

Каля 20 навукоўцаў узялі ўдзел у першым дні Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Традыцыі і сучаснасць беларускай дзяржаўнасці ў 100 гадавіну смерці Івана Луцкевіча».

Падчас мерапрыемства разглядаліся пытанні гісторыі і сучаснай беларускай дзяржаўнасці і ўзаемаадносін Беларусі з суседзямі. Кажа арганізатар канферэнцыі, гісторык Алег Латышонак:

– Такая тэма, паколькі я пачаў думаць пра яе са стагоддзя БНР. Але толькі цяпер удалося атрымаць адпаведны фундуш на гэта і арганізаваць канферэнцыю. А было стагоддзе і БССР, другой беларускай дзяржавы. І стагоддзе Івана Луцкевіча. І я падумаў, добра было б прысвяціць канферэнцыю яму, паколькі замала пра яго гаворыцца, як пра пачынальніка беларускай дзяржаўнасці. Разам з Антонам Луцкевічам – гэта пачынальнікі беларускай дзяржаўнасці. Людзі, пра якіх можна безумоўна сказаць, што непасрэдна і безупынна тая беларуская нацыянальная ідэя развівалася. І дзяржаўная таксама. Яны спярша выступалі за аднаўленне Вялікага княства Літоўскага, як «краёўцы», «аўтанамісты». І ўсё-ткі пасля вельмі рэзка падтрымалі ідэю незалежнай беларускай дзяржавы.

Размаўляем з гісторыкам Любоўю Козік.

РР: На ваш погляд, тое, што было зроблена ў той сітуацыі, у 1918 годзе, гэта было ўсё што мажліва? Ці вы бачыце нейкія іншыя мажлівасці, якія, можа быць, былі ўпушчаны тады?

Любоў Козік, гісторык: Як гісторык, я не магу сказаць, што было б, каб… Трэба шчыра прызнацца, што беларускі нацыянальны рух быў слабы. І яго выкарыстоўвалі больш моцныя палітычныя гульцы, якія не дапамагалі, але рабілі пэўныя прапановы. І ва ўмовах, калі не існавала іншай магчымасці для дзейнасці, канешне, беларускім палітычным дзеячам прыходзілася выбіраць. І гэта было вельмі складаны час. У 17-ым, 18-ым, 19-ым годзе. Ну прызнаемся, што можна гаварыць і пра Беларускую Народную Рэспубліку, і пра БССР, але і там, і там былі людзі, якія падтрымлівалі гэтую ідэю. Ад гэтага яны менш беларусамі не станавіліся. І мне падаецца, што гэта вельмі важны аспект, бо калі мы глядзім толькі з адной пазіцыі, тады самі пачынаем сябе дзяліць. Дзяліць нашае грамадства. А мы ўсе беларусы.

РР: Я думаю, сёння таксама ідэя незалежнасці Беларусі аб’яднала беларускае грамадства, аб’яднала ўсіх.

Любоў Козік, гісторык: Я з вамі цалкам пагаджуся. Таму што маладое пакаленне, напрыклад, якое вырасла ўжо ў незалежнай Беларусі, яно не ўяўляе сабе нешта іншае, як сваю незалежную Беларусь. Так, можна мець розныя палітычныя погляды, можна пагаджацца, ці не пагаджацца з некаторымі аспектамі палітыкі, якую праводзіць цяперашняя ўлада Беларусі. Але мы ўсе застаемся беларусамі, са сваімі поглядамі, са сваімі прэферэнцыямі, і думаю, што сама каштоўнасць незалежнасці  – яна вельмі моцная ў нашай дзяржаве.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok