Beta

Канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» 2017

11.02.2017

Solidarni Plakat

Cёлета позняй восенню (22 лістапада) у Варшаве адбудзецца дзясяты канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». На самай папулярнай сцэне польскай сталіцы, у клубе «Stodoła», збяруцца людзі, зацікаўленыя незвычайнай музыкай, каб праявіць салідарнасць і выказаць падтрымку сваім суседзям. Мы імкнемся стварыць прастору, у межах якой можна будзе адчуць спалучэнне і ўзаемадзеянне розных стыляў і культур. Мы прадставім самыя цікавыя і арыгінальныя, на наш погляд, праекты беларускай, польскай і ўкраінскай альтэрнатыўнай сцэны.

На сцэне выступяць:

«TonqiXod» (Беларусь) – гаражны арт-рок з элементамі пост-панку, псіхадэлікі і джазу, з атмасферай трывогі і напружаннем як у добрых чорна-белых трылерах. Дэбютны альбом калектыву сабраў амаль усе беларускія музычныя ўзнагароды. Праз год група выйграла конкурс фестывалю «Басовішча». У чэрвені артысты выпусцілі свой другі дыск, які, імаверна, паўторыць поспех дэбютнага.

«T/Aboret» (Польшча) – музычныя зацікаўленні артыстаў – вельмі разнастайныя, але калі яны збіраюцца разам, то граюць этна-джазавыя імправізацыі. Квартэт узнік у Варшаве, перамог у XXV Міжнародным фестывалі «Mikołajki Folkowe» і здабывае ўсё большую папулярнасць у Польшчы. Хаця некаторыя ўдзельнікі калектыву працуюць выкладчыкамі ў музычных вучэльнях, «T/Aboret» не імкнецца сысці са сцэнаў невялікіх клубаў у канцэртныя залы.

«The Glitchhh» (Беларусь) – вядучыя мінскія інструменталісты і эксперыменталісты. Граюць шугейз, нойз, пост-рок, шчыра напаўняючы свае кампазіцыі гітарнымі эфектамі. Іх музыку можна назваць саўндтрэкам да ўнутранага дыялогу, падчас якога ўсё навокал круціцца і змяняецца, як у калейдаскопе. Гурт зайграе з экспрэсіўнай Рынай Трохі і адмысловымі фонавымі візуалізацыямі.

«Жадан і Сабакі» (Украіна) – жорсткі, як апакаліпсіс, і па-біблійнаму бескампрамісны ска-панк праект з Харкава. Яны іранізуюць, жартуюць, правакуюць, але з мерай, а часам гучаць вельмі сумна і сур’ёзна. Амаль культавы калектыў пад кіраўніцтвам аднаго з найлепшых сучасных украінскіх пісьменнікаў Сяргея Жадана. Абавязковая пазіцыя для ўсіх стомленых працай, якія маюць дыстанцыю да сябе і рэчаіснасці.

«Atom Heart» (Польшча) – маладыя і ўпэўненыя, блюз-рокавая магія 1970-х і адзін з найлепшых варшаўскіх дэбютаў апошніх гадоў.

Мы пазнаёмім вас таксама з зусім новай варшаўскай групай Радэка Лукасевіча – лідара вядомага ў Польшчы пост-рокавага гурта «Pustki». Напярэдадні і пасля 22 лістапада можна будзе далучыцца да сустрэч і дыскусій, звязаных з беларускімі фільмамі, літаратурай і музыкай. Дакладная інфармацыя аб іх будзе з’яўляцца на старонцы імпрэзы ў «Фэйсбуку».

 

 

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok