Beta

Моладзевы абмен на Падляшшы – “Цяпер хочацца паказваць відэа і фота з гэтай паездкі сваім сябрам у Мінску, каб ім было сорамна”.

11.20.2017

11-18 лістапада адбыўся моладзевы абмен у рамках прэкту Erasmus+, галоўным арганізатарам якога быў Беларускі Дом у Варшаве. Тэмай абмену былі праблемы нацыянальных і рэлігійных меншасцяў, менавіта пагэтаму для месца правядзення быў абраны Беласток – цэнтр шматнацыянальнага польскага ваяводства Падляшша.

Моладзь з Літвы, Польшчы і Беларусі на працягу тыдня мела вельмі актыўную і разнастайную праграму. Праграма складалася з адукацыйна-інфарматыўных лекцыяў, падчас якіх былі абмеркаваны такія паняцці, як “ксенафобія”, “нацыяналізм”, “расізм”, “шавінізм”, “антысемітызм”, былі разгледжаны стэрэатыпы, адносна нацыянальных меншасцяў і розных народаў, якія склаліся ў нашых грамадствах. Акрамя гэтага, былі выкарыстаныя шматлікія прыёмы нефармальнай адукацыі моладзі – ралевыя і псіхалагічныя гульні, тэматычны тэатр, дэбаты.

Удзельнікі абмену прыйшлі да высновы, што нацыянальныя і рэлігійныя меншасці – неад’емная частка нашых краінаў, і праблемы польскай меншасці ў Беларусі і Літве могуць быць дастаткова проста вырашаныя ўладамі. А вучыцца на роднай мове, пісаць свае прозвішчы на роднай мове, памятаць пра свае традыцыі і культуру – права прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў незалежна ад таго, ці пражываюць яны ў Літве, Беларусі ці Польшчы.

Вялікі ўплыў на вынікі абмену і агульныя ўражанні моладзі ад рэгіёна Падляшша зрабілі экскурсіі па аколіцах. Падчас паездкі ў Бельск Падляскі ўдзельнікі наведалі агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляскім, сустрэліся з мясцовым дэпутатам Томашам Сулімам і мэрам горада Яраславам Бароўскім, якія распавялі пра жыццё беларусаў на Падляшшы. Таксама наведалі гміну Орля, дзе дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў, усе надпісы вёсак пішуць і на польскай мове, і на беларускай; наведалі Музей Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, дзе пачулі беларускія фальклёрныя спевы ў выкананні гурта “Żemerwa”.

Дзякуючы шматнацыянальнасці Падляскага ваяводства, літоўская, польская і беларуская моладзь мела магчымасць, паглядзець як жылі габрэі у Тыкоціне, наведаць самую старую сінагогу ў Польшчы, а таксама пазнаёміцца з мясцовымі татарамі ў Крушынянах, паспрабаваць татарскаю кухню, наведаць мячэць і татарскія могілкі.

Такая нацыянальнася разнастайнасць на рэальным прыкладзе дапамагла ўсім удзельнікам зразумець важнасць талерантнасці, існавання ўсіх нацыянальных меншасцяў ў паразуменні з большасцю.

Паша, удзельнікі з Літвы:Гэта было хуткае паглыбленне ў тэму за кароткі тэрмін. Мы ішлі па нарастаючый і кожны раз было ўсё цікавей, складаней. Было вельмі цікава паразмаўляць з людзьмі з суседніх краін, я даведаўся для сябе шмат новага, напрыклад, як нашы суседзі ставяцца да сваіх краінам, як яны ставяцца да пэўных паняццяў. Гэта вельмі дапамагло убачыць сітуацыю пад іншым вуглом”.

Зміцер, удзельнікі з Беларусі:Вельмі добра, што нам беларусам, паказалі, што ёсць такія праблемы, і як яны вырашаюцца тут у Польшчы. Таму што адзінае, што мы можам зараз рабіць, гэта вучыцца. Мы павінны вучыцца ў іншых, пераймаць гэты ўданы досвед і пра яго распавядаць”.

Наталля, удзельніца з Польшчы:Любую інфармацыю ты ўспрымаеш лепш, калі бачыш на ўласным прыкладзе, сваімі вачамі. Можна было колькі заўгодна вывучаць праблему нацыянальных меншасцяў па падручніках, ва ўніверсітэтах, але я бы гэта забыла адразу пасля экзамена. Зараз, мне здаецца, што я ведаю больш, чым ва ўсіх гэтых падручніках на сацыялогіі. Пагэтаму вельмі добра, што існуюць такія праэкты па нефармальнай адукацыі, бо акрамя атрыманых ведаў, праэкт яшчэ дапамог мне раскрыцца і падняць сваю самаацэнку”.

Юрась, удзельнік з Беларусі: «Тэма абмену мне падалася цікавай, бо я лічу, што сваю Радзіму трэба пераадркываць – у нас пад нагамі цэлая Атлантыда, пласт культуры, традыцый, гісторыі, які мы мала ведаем. Мне было вельмі цікава пабачыць, як мясцовыя беларусы захоўваюць сваю культуру, нацыянальную самасвядомасць. Цяпер хочацца паказваць відэа і фота з гэтай паездкі па рэгіёну сваім сябрам у Мінску, каб ім было сорамна. Бо беларусы на Беласточчыне захоўваюць сваю родную мову і гісторыю, беларускасць у душы, а мы, маючы сваю дзяржаву, не заўсёды можам гэтым пахваліцца”.

 

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok