Beta

Нататкі зь Менску, са Зьезду беларусаў сьвету

07.17.2017

Вольга ГардзейчыкАд новапаўсталай (травень 2017) суполкі “Бацькаўшчыны” у Варшаве ў выходныя наведалі мы з Людмілай Гулякевіч-Зах 7-ы Зьезьд беларусаў сьвету ў Менску. Гэта другі мой зьезд, папярэдне – я прадстаўляла Інстытут беларускай культуры ІБК.

Сёлетнія ўражаньні:

склад гасьцей амаложваецца, хоць павольней, чым хацелася б.

Дыяспара разьвіваецца рознымі шляхамі: нехта (асабліва тыя, што фізічна бліжэй), спрабуе шукаць паразуменьня з амбасадамі, іншыя (асабліва з больш заможных краінаў) выглядаюць на цалкам незалежныя інстытуцыі, акцэнты разьвіцьця таксама разнастайныя – ад пабудовы цэркваў да выдавецкай дзейнасьці. Нехта ўпэўнена рушыў у бізнэс.

Прыемна, што ніхто ня хоча заставацца ззаду: разважалі пра новыя формы, пра пашырэньне накірункаў, пра фэсты з пэрфомэнсамі, пра моду і моладзь, пра падзелы і яднаньне, пра пераемнасьць.

Культурная дзейнасьць, адукацыя, партнэрства, пошук крыніцаў падтрымкі – усё гэта можа мець масу розных формаў і варыянтаў, чаму і мы актыўна на Зьезьдзе вучыліся, а што-нішто і іншым падказвалі

Прысутнасьць прадстаўнікоў улады крыху скарэктавала настрой прамоваў – да канкрэтных праблемаў, просьбаў, набалелых гадамі, як хоць бы візы. Улады абяцалі перагледзець пытаньні і зьвярталіся да дыяспары як да амбасадараў беларушчыны ў сьвеце. Зьдзіўляе тут, зразумела, ня сам факт, а факт аўтарства.

Годна, надзвычай шляхетна і сутнасна прамаўлялі Пётр Краўчанка, Станіслаў Шушкевіч, Павал Севярынец ды іншыя, а жарсьці, якія разгарэлся вакол прыняцьця рэзалюцыяў, паказалі і клясу, і жывую моц Зьезду.

Унясеньне ў залю ўрны з парэшткамі Магдалены Радзівіл узрушыла прысутных і паяднала ў супольным маленьні. Княгіня пры жыцьці яшчэ выказвала жаданьне быць пахаванай у Менску, а да выкананьня волі вялікай фундатаркі беларушчыны спрычынілася Асацыяцыя беларусаў Швайцарыі – за што ім паклон і падзяка.


Што да нас, варшавякаў:

Суполка ў Варшаве створаная, можна (і варта!) далучацца, каб, гуртуючыся, прыдумляць, што рабіць разам. У ідэале хацелася б стаць незалежнай моцнай структурай, якая магла б ня толькі гуртаваць і падтрымліваць беларусаў тут, але й дапамагаць нашай краіне.

Ніжэй – тэзісы майго выступу на Зьезьдзе:

Для дзейнасьці беларускай суполки ў Варшаве мы абралі дэвіз – будзь шчасьлівым як беларус.

Беларус 21 стагоддзя ня хоча быць гаротным і ня хоча быць палітызаваным – ён хоча быць модным, сучасным, адукаваным, і ў ідэале – адметным.

А адметнасьці трэба вучыцца, і гэтаму прысьвечаная дзейнасьць Беларускага дому, які гуртуе дыяспару ў Варшаве, прапануючы як дапамогу – юрыдычную, інфармацыйную, дарадчую – гэтак і культурныя акцыі і падзеі.

Беларускі Дом паўстаў у 2011-ым, а атрымаў новае дыханьне сёлета 25 сакавіка, калі падзеі ў Менску супалі з выступам Касі Камоцкай у Варшаве і прыцягнулі вялікую колькасьць неабыякавых людзей. Людзі адчулі еднасьць і пачалі актыўна думаць, што рабіць разам. Амаль адразу зьявіліся сьпеўныя вечарыны: мы сьпяваем па ўласных сьпеўніках, якія пабачылі сьвет дзякуючы культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”. Паўстала варшаўская суполка Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

Беларусы Варшавы – гэта ня хвалі эміграцыі, гэта несупынная плынь – студэнтаў, працаўнікоў, часовых прыязджаючых. Блізкасьць Беларусі да Польшчы з аднога боку правакуе на выезд у пошуках лепшага жыцьця, з другога – не дазваляе асімілявацца, бо дом побач, і нават міжволі мы жывем па большасьці навінамі адсюль, тутэйшымі радасьцямі і праблемамі.

Звышмэта Беларускага дому, які паяднаў многія прабеларускія ініцыятывы ў Варшаве – даваць суродзічам нагоду ганарыцца сваёй прыналежнасьцю да нашай краіны.

Ці атрымаецца ў нас давесьці, што быць беларусам – гэта гонар і шчасьце, пакажа час. Нам патрэбныя кантакты, падтрымка, яднаньне сілаў. Мы можам прапанаваць беларусам сьвету сталую нацыянальную платформу ў Варшаве, наўзамен – мы адкрытыя на супольныя ініцыятывы, ідэі.

І яшчэ. Думаю, большасьці з вас знаёмы фенамен, калі прыязджаючы ўпершыню ў Беларусь, замежнік захапляецца нашыми людзьмі, іх культурай, дабрынёй, унутранай годнасьцю. 

Нашая краіна па-ранейшаму ганебна скупа прадстаўленая ў сьвеце, і нашая задача – разам ствараць імідж Беларусі, а для гэтага патрэбныя супольная і сістэмная палітыка, у пэўным сэньсе адзіны почырк – то бок супольныя прамоўленыя і сфармуляваныя вартасьці і каштоўнасьці, сінхронныя акцыі ці прэзентацыі.

Таму, падсумоўваючы, заклікаю да стварэньня скаардынаванай базы дыяспары (магчыма, у выглядзе інтэрактыўнай мапы на сайце “Бацькаўшчыны”), дзе мы маглі б непасрэдна кантактавацца, узаемна вучыцца і ўзбагачаць жыцьцё беларусаў замежжа.”

p.s. Дарэчы, сьпеўнікі разьляцеліся як гарачыя піражкі на школьным перапынку. Тыя, хто даў свае кантакты з просьбай атрымаць асобнічак – пачакайце, я адгукнуся да кожнага.

Вольга Гардзейчык, дэлегат 7-га Зьезду беларусаў сьвету.

 

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok