Beta

Памёр гісторык Юры Туронак

01.06.2019

На 90 годзе жыцця ў Варшаве 2 студзеня памёр выбітны гісторык Юры Туронак. 

Развітанне з выбітным беларускім прафесарам Юрыем Туронкам адбудзецца 10-га студзеня. У 12:30 пачнецца служба ў кляштары айцоў Базыліянаў па вуліцы Мядовай ў Варшаве. Пахаванне пачнецца ў 14:30 на Праваслаўных могілках на Волі.

Ён нарадзіўся 26 красавіка 1929 года ў Дукштах. З перадачай Беласточчыны ПНР апынуўся ў Польшчы (1945). Скончыў Галоўную школу планавання і статыстыкі ў Варшаве. Працаваў ў Польскай Замежнагандлёвай палаце. Ягоным сапраўдным пакліканнем была гісторыя. Стаў доктарам гісторыі (1986).

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак: – Юры Туронак у свой час быў нашым ментарам, кажу пра наша маладое пакаленне беларускіх гісторыкаў. Вельмі ўразіла мяне яго кніжка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Безумоўнай заслугай Юрыя Туронка з’яўляецца кніжная справа, ён паказаў як выглядала Беларусь пад рознымі ўладамі: пры цары, немцах і Польшчы.

Юры Туронак аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі» (1992, 2007), «Людзі СБМ» (2006), «Мадэрная гісторыя Беларусі» (2006).

Старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя і Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа: – Ён сваімі гістарычнымі даследаваннямі ўпісаўся ў агульнабеларускую і еўрапейскую гісторыю, бо адкрыццё Беларусі праз гістарычную тэматыку было вельмі важным для многіх пакаленняў беларусаў на Беласточчыне.

Шырокі дыяпазон беларускай адлегласці дазваляў Юрыю Туронку быць абазнаным у беларускіх справах і стаць даследчыкам тых працэсаў, якія мелі ўплыў на жыццё цэлай нацыі.

Праграмны дырэктара Беларускага Радыё Рацыя Юры Ляшчынскі: – Моладзь любіла яго, заўсёды запрашалі на студэнцкія „Атрасіны”. Ладзілі святкаванне 25 сакавіка, дзе Юры Туронак быў ганаровым госцем. Ён даў нам літаратуру, па якой мы падрыхтавалі мастацкую частку.

Быў не толькі знакамітым даследчыкам гісторыі, але перш за ўсё чалавекам, які ўмеў знайсці супольнае з моладдзю. Для студэнтаў, якія вучыліся ў Варшаве, быў аўтарытэтам, і дзякуючы менавіта спатканням з Юрым Туронкам сялянскія дзеці з Беласточчыны не расплываліся ў польскамоўным асяроддзі. „Гэта Юры Туронак вучыў нас усіх даражыць сваім нацыянальным, беларускім,” – гаворыць мастак, прафесар Лявон Тарасэвіч.

– Сустрэліся ў яго дома, як селі, так праз гадзіну ўсё для мяне было простае, ён мне ўсё паўкладаў. Я выйшаў ад яго тады з кнігай «Вершалінскі рай» Аляксея Карпюка. І гэта такая кніга, на якой я навучыўся чытаць па-беларуску. Часта сустракаліся. Я яму зрабіў «Пагоню».

Прафесар універсітэта ў Быдгашчы Лена Глагоўская падрыхтавала матэрыялы для кніжкі пра Юры Туронка пад працоўнай назвай “Школка Юры Туронка”, аднак не ўдалося знайсці сродкі, каб выдаць кнігу пры яго жыцці.

– Гэта быў проста волат, гэта быў у адной асобе і сябра, і проста высокародны чалавек, які жыў для Беларусі. Ён, напрыклад, гаварыў, што ягонае шчасце мусіць у тым, што ён не быў звязаны з ніякімі інстытутамі і ўніверсітэтамі і мог сабе свабодна займацца даследаваннем беларускай гісторыі.

Быў актыўным грамадскім дзеячам, да 1966 года быў старшынём Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Варшаве. Быў настаўнікам і інтэлектуальным правадніком шматлікіх пакаленняў беларусаў Беласточчыны.

Светлая памяць…

Беларускае Радыё Рацыя

 

 

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok