Beta

У Беларускім Доме адбыўся вернісаж выставы беларускіх мастакоў

11.17.2016

З Наваполацка праз Беласток у Варшаву.

У Беларускім Доме адкрылі выставу „Ад сарматаў да Другой Рэчы Паспалітай” (Беларусы і Падляшша). Суарганізатарам адкрыцця стаў наш рэдакцыйны калега

„Ад сарматаў да Другой Рэчы Паспалітай”

Аляксей Трубкін. Выстава складаецца з партрэтаў славутых людзей Беларусі — ваяроў, паўстанцаў, дзеячаў культуры розных часоў.
Карціны выкананы ў розных стылях, гаворыць Андрэй Мікалаеў, кіраўнік творчага аб’яднання „Жалезны воўк”:

— Гэта наглядная дэманстрацыя эвалюцыі беларускага сучаснага партрэта. Усё пачыналася з неасармацкага партрэта, які мы аднавілі і ўпершыню выставілі 2006 годзе, а потым пайшло далейшае развіццё – гэта постсармацкі партрэт. І зараз новы жанр, назву мы не прыдумалі, але называем яго „BYart” – то бок беларускія дзеячы, асобы, проста цікавыя людзі, якіх мы малюем, людзі з гісторыі Беларусі, вядомыя і малавядомыя.

Андрэй Мікалаеў
Многія постаці адмыслова былі намаляваныя маладымі. Гэтак на палотнах Анатоля Зімніцкага Ларыса Геніюш апынулася дваццацігадовай дзяўчынай, а Якуб Ясінскі – юнаком-студэнтам:

— У нас была мэта прадставіць дзеячоў маладымі. Калі я захацеў намаляваць Ларысу Геніюш, я знайшоў здымак, дзе яна ўжо сталая. Шпацыруючы па Наваполацку, я сустрэў знаёмую, якая была падобная да Ларысы Геніюш. Я запрасіў яе да сябе, спытаў, ці можна яе намаляваць? І ў мяне выйшла такая работа – вобраз Ларысы Геніюш дваццаці гадоў. Таксама з Ясінскім, пачаў шукаць нейкага знаёмага. Хадзіў, хадзіў па горадзе, не знайшоў. Сеў сумны ў хаце, паставіў фарбы, разлажыў холст, неяк трэба рабіць. Трошкі я тут выдумаў, атрымаўся такі малады хлапец.

Вернісаж выставы
Плануецца, што пасля Варшавы выстава наведае іншыя еўрапейскія гарады, гаворыць старшыня арганізацыі „Беларуская нацыянальная памяць” Анатоль Міхнавец:

— Плануем, што выстава будзе вандраваць далей. Ёсць папярэднія дамовы. Лічу, што варта, каб яна праехала па дыяспары, каб людзі ведалі гэтых нашых гістарычных персонаў, і таксама я лічу, што гэта вялікая падтрымка для мастакоў, што іх карціны могуць выстаўляцца ў замежжы, у сталіцах еўрапейскіх краін.

Выставу ў Беларускім Доме можна пабачыць да 26 лістапада 2016 года, за выключэнем суботы і нядзелі з 11:00 да 16:00 

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok