Beta

У Беластоку абмяркоўвалі беларуска-польскія стасункі

10.08.2019

Беларуска-польскія стасункі, справы польскай меншасці ў Беларусі, роля СМІ Польшчы і Беларусі ў фармаванні вобраза суседа, значэнне „карты паляка” ды іншыя тэмы абмеркавалі ў будынку Падляшскага ваяводства падчас дэбатаў пад назвай «Польская брама на Усход – усходняя палітыка, справы консульскія і паланійныя».

 

Удзельнік дэбатаў прафесар Яўген Мірановіч, каментуючы гістарычныя сувязі Польшчы і Беларусі ды вялікі ўплыў на беларускую гаспадарку з боку Расеі, адзначыў, што ніхто на Захадзе не выказаў зацікаўленасць у Беларусі пасля развалу Савецкага Саюза.

– Калі развальваўся Савецкі Саюз уся гаспадарка спынілася. Галоўным пытаннем стала: Усход ці Захад? Дзе шукаць дапамогі? На Усходзе балаган быў паўсюдны. Таму былі спробы шукаць дапамогі ў Нямеччыне. Шушкевіч паехаў і вярнуўся з нічым. Кебіч паставіў на Польшчу. Але аказалася, што Польшча не мела ніякай рэальнай магчымасці дапамагчы. Сама была бедным, разваленым краем. Ніхто на Захадзе не быў зацікаўлены падтрымкай. Але калі ў Расеі памянялася палітычнае кіраўніцтва, то у Крамлі проста не захацелі губляць Беларусь са сваёй зоны уплываў.

У сваю чаргу адна з актыўных удзельніц дэбатаў – дырэктар тэлеканалу «Белсат»  Агнешка Рымашэўска-Гузы адзначыла, што стасункі з Беларуссю палякам трэба разглядаць у трох найважнейшых аспектах.

– У беларуска-польскіх стасунках, на маю думку, маем тры аспекты. Першы – стасункі міждзяржаўныя. Існуе згодна міжнароднага права Рэспубліка Беларусь, з якой Польшча, як дзяржава, мусіць мець адпаведныя адносіны. Другое – гэта стасунікі паміж грамадствамі, з актыўнымі элітамі. Бо калі краіна не мае дэмакратычнага кіравання, то варта падтрымліваць адносіны непасрэдна з грамадствам. І трэці элемент – беларуска-польскія адносіны з улікам вялікай польскай меншасці ў Беларусі.

Менавіта справам польскай меншасці была прысвечаная другая частка дэбатаў. Яна тычылася працэдуры выдачы „карты паляка”. З прамовамі выступілі старшыня Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс, прадстаўнік польскага консульства ў Гародні Анджэй Рачкоўскі. За дэбатамі назіралі прадстаўнікі польскага Міністэрства замежных спраў, консульства Беларусі ў Беластоку. Мадэратарам дэбатаў выступіла журналістка, вядоўца праграмы «Студыя Усход» на польскім тэлебачанні Марыя Пшэломец.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok