Beta

У Беларускім Доме на Дзень Волі быў кулінарны конкурс. Перамаглі слодычы «па-шляхецку»

03.26.2016

вынік конкурсу Беларусы, якія жывуць у Варшаве, адсвяткавалі 25-га сакавіка з конкурсамі і ласункамі. На імпрэзе ў Беларускім доме можна было паспрабаваць салат «Пінская багема», «дранікі-веганікі», «шарыкі-смачнярыкі» ды шмат іншага.

Імпрэзу з нагоды Дня Волі ў Варшаве распачаў супольны спеў беларускага духоўнага гімна «Магутны Божа». Хвілінай маўчання сабраныя аддалі знак пашаны беларускай прадзюсарцы Ганне Вольскай, якая некалькі дзён таму пайшла з жыцця. Вядоўца вечарыны Валярына Кустава прачытала зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды 98-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Затым прывітальнае слова да грамады скіраваў судырэктар Беларускага дому Улад Кобец, які згадаў, што Рада БНР у пачатку 1990-ых гадоў мела думкі, каб перадаць тагачаснаму кіраўніцтву Беларусі свае паўнамоцтвы. Усталяванне ў Беларусі рэжыму, непрыхільнага да беларушчыны, адклала гэты працэс на нявызначаны тэрмін.

У другой частцы імпрэзы ўдзельнікі прэзентавалі ўласныя стравы, з якімі прыйшлі на свята. Спадарыня Іна Дзямід з Пінску прынесла адмысловы салат «Пінская багема», у склад якога ўваходзіць селядзец і апельсіны. «Гэты салат выдумалі пінскія мастакі на адным са сваіх спатканняў. Ведаеце, творчыя людзі хацелі пасядзець з віном. Але трэба было нешта і зʼесці, закусіць. Калі паглядзелі, то ў лядоўні быў толькі селядзец «Маціяс» і апельсіны.

Дзень Волі

З гэтых складнікаў і ўзнікла новая страва», – распавяла спадарыня Іна.
На яе думку, у Беларусі варта рабіць акцэнт на лакальныя стравы і прадукты. «У нас на Палессі вельмі шмат вырошчваюць агуркоў. Я б вельмі хацела, каб на Піншчыне не Дажынкі адзначалі, а, напрыклад, Свята агурка», – адзначыла нарадзінка сталіцы Палесся.

Арганізатар і вядоўца курсаў «Мова нанова» ў Варшаве Стась Раманчук прыйшоў на імпрэзу з блінамі. «Я прыехаў з Беларусі пару дзён таму. Бабуля мне дала малінавае варэнне, а сябры пачаставалі хатнім мёдам з-пад Воршы. Я вырашыў усё гэта прынесці, але яшчэ спёк бліны, з якімі можна паспытаць і мёд, і варэнне», – падзяліўся Стась.

Археолаг з Беларусі Вадзім Белявец і ягоны калега з Украіны Кірыл Мызгін прынеслі грачнёвую кашу з запечанымі каўбаскамі ды маласольнымі агуркамі. «Мы прыйшлі да высновы, што падобную кашу маглі есці нашыя продкі ў VI-VII стагоддзі. Там ёсць усё, што было і ў іх», – адзначыў спадар Белявец.

Спадар Улад Кобец заўважыў Belsat.eu, што правесці Дзень Волі як кулінарнае свята прапанавалі самі варшаўскія беларусы ў сацсетках. «Найважнейшае ў гэтым свяце, каб пабыць разам, у хатняй атмасферы. Людзі павінны ведаць, што ў такі дзень заўсёды могуць прыйсці ў Беларускі дом. Нашыя дзверы адчыненыя штодня, але сёння мы выконваем наш абавязак, робім тое, што павінны былі б рабіць улады Беларусі, беларуская амбасада ў Варшаве», – звярнуў увагу спадар Кобец.

сям'я Пелясаў - пераможцы

На вечарыне правялі некалькі конкурсаў, напрыклад, хто зможа зрабіць найдаўжэйшую лупіну
Вядоўца імпрэзы, паэтка і журналістка Валярына Кустава адзначыла, што кулінарнае свята на Дзень волі ладзіцца ў Варшаве ўпершыню, хоць падобныя імпрэзы ўжо праходзілі ў Беларускім доме, але без нейкай канкрэтнай нагоды. «Вельмі хацелася, каб было па-сямейнаму, каб людзі прыйшлі як сябры, як суседзі. Натуральна, што не самае галоўнае тут – ежа. Самае важнае – людзі, кампанія. Мы ведаем, што свята супадае з Вялікай пятніцай у каталікоў, але мы прадумалі, каб была і посная ежа. Але незалежнасць БНР была абвешчаная 25-га сакавіка. Гэтае свята нельга перанесці, таму мы адзначаем 25-га сакавіка», – заакцэнтавала Валярына Кустава.

Украінскі археолаг Кірыл Мызгін адзначыў, што ва Украіне кожная імпрэза адзначаецца пры багатым стале. «Тут таксама сабралася нібыта сямʼя, з першых хвілінаў адчуваеш сябе як дома».

Юрыст і праваабаронца Вольга Саламатава, якая паходзіць з Сібіры, найбольш упадабала дранікі. Як адзначыла, яе дзядуля паходзіць з Гомельшчыны, і яна сама марыць наведаць ягоную радзіму. «Беларуская мова для мяне абсалютна родная. Я разумею сваіх беларускамоўных сяброў, сама чытаю па-беларуску, проста няма навыку гаварэння», – сказала спадарыня Вольга.

У выніку галасавання першае месца за шакаладны блок «па-шляхецку» занялі Сяргей і Таццяна Пелясы. «У маім дзяцінстве, калі не было шмат прысмакаў, мама рабіла ласунак з какавы, масла і пячэння. Каб узгадаць гэты смак

Віта Пачынай - 2 месца

 

Кірыл Кулагін - 3 месца

дзяцінства, мы прынеслі шакаладны блок», – адзначыў Сяргей Пеляса. У якасці ўзнагароды сямʼя Сяргея і Таццяны атрымала складанку-пазл у выглядзе гербу БНР.

Спадарыня Віта Пачына заняла 2-ое месца за «шарыкі-смачнярыкі». Яна распавяла, што такія шарыкі з вафляў з дадаткам бураковага, маркоўнага і яблычнага соку рабіла яе бабуля з Быхава. Спадарыні Віце дастаўся ў якасці прызу бел-чырвона-белы сцяг.

Кірыл Кулагін, які заняў 3-яе месца, прыгатаваўшы «дранікі-веганікі» без яек і амаль без мукі, атрымаў ад Беларускага дому кубак.

Віктар Шукеловіч, фота Віктара Шукеловіча, Сяргея Пелясы

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok