Beta

Выстава Аляксея Навуменкі адкрылася ў Варшаве

04.14.2019

У Беларускім Доме ў Варшаве адкрылася выстава Аляксея Навуменкі “Бязмежжа”.

Выстава падзелена на два тэматычныя блокі. Першы – гэта карціны, напісаныя каля 10 гадоў таму, прысвечаныя роднаму Палессю, другі – падымае пытанне экалогіі, праблемы вырубкі лясоў, перавагі тэхнікі над прыродай. У некаторыя карцінах у ролі палатна выступае шкло, паверх якога знаходзяцца драўляныя пні – як сімвал таго, што засталося ад шматлікіх лясоў пасля вырубкі. Прымушае задумацца пра экалагічную будучыню не толькі нашай краіны, але і ўсёй планеты карціна “Тэхнапарк”. Аўтар тлумачыць, што чырвоны колер шкла ў ёй – гэта сімвал Кітая, які вырубіў лясы пад Менскам і зрабіў свой тэхнапарк.

Куратарам выставы выступіў брат Аляксея Ілля Навуменка.

– Прычынаў, чаму выстава называецца менавіта “Бязмежжа” некалькі. Па-першае, мяжа – гэта тое, што раздзяляе мяне з братам, бо я жыву тут у Варшаве, а Аляксей ў Менску. Па-другое, рэгіён Палессе, які натхняў аўтара карцін з’яўляецца гістарычна памежным месцам.

Аляксей Навуменка пра свае творы:

– Назіраю за зменамі экалогіі, клімату, у тым ліку ў Палессі, гэтыя пытанні я таксама падымаю ў сваіх творах – праблемы меліярацыі, вырубкі лясоў, вынішчэння Белавежскай Пушчы, якая вельмі важна і для Беларусі, і для Польшчы. Трэба засяродзіць увагу грамадскасці і кожнага з нас, каб мы маглі яшчэ нешта з гэтым зрабіць. Я як мастак задаю пытанні, на якія мы не адразу можам даць адказ, але я спадзяюся, што мы зможам знайсці выйсце. Мне вельмі прыемна паказаць свае працы ў самым цэнтры Варшавы. Дзякуй Беларускаму Дому за такую магчымасць.

Выставу карцін Аляксея Навуменкі “Бязмежжа” можна паглядзець да 2 траўня па адрасе ул. Вейска 13-3 (Беларускі Дом у Варшаве). Усе працы можна набыць.

Даведка:

Аляксей Навуменка (1982, Пінск Беларусь)

Беларускі мастак, жывапісец, вітражыст. Пасля заканчэння каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка ў 2000 годзе працягваў сваю мастацкую адукацыю ў Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі Мастацтваў на факултэце манументальнага жывапісу. Яго дыпломная праца – вітраж “Вясня” – аздабляе фае Акадэміі.

У часе адукацыі асаблівы ўплыў на стыль мастака мела творчасць Паўла Філонава, Эрнста Фукса і Густава Клімта. Пазнейшыя працы ўпісваюцца ў плынь абстрактнага экспрэсіянізму, фота-рэалізму і канцэптуалізму. Мастак выкарыстоўвае аналітычны метад у спалучэнні з імправізіцыяй і пошукам новых форм і сродкаў экспрэсіі. 

Аляксей Навуменка з’яўляецца заснавальнікам студыі Corpus Magnum, якая спецыялізуецца ў стварэнні мастацкіх аб’ектаў і элементаў дызайну інтэр’еру – люстар, карцін, вітражоў і манументальных пано. Яго працы ўпрыгожваюць памяшкання Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Алімпійскага Камітэта і музея Напалеона Орды ў Варацэвічах.

 

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok