Насця Машчава − валанцёр Беларускага Дома ў Варшаве. Гісторыя Насці − не толькі пра дапамогу, смеласць і салідарнасць. Гэта гісторыя пра тое, што дабро абавязкова пераможа!
“Па-першае, мне б хацелася сказаць людзям, каб яны не баяліся распавядаць пра тое, што з імі адбылося. Бо многія з пацярпелых проста замыкаюцца і перагараюць”, − упэўнена тлумачыць Насця.
Энергічная, настойлівая і спагадлівая − падаецца, менавіта такім і мусіць быць сапраўдны валанцёр. У жніўні яна не змагла заставацца ў баку ад людскога гора і паехала на Акрэсціна: развозіла людзей па дамах, метадычна перапісвала кантакты пацярпелых, а потым расказвала ім пра рэабілітацыйную праграму дапамогі Беларускага Дома ў Варшаве.
– Напачтку здавалася: будзе добра, калі я дапамгу хаця б дваццаці, трыццаці асобам. А цяпер гэта больш як 120 чалавек! Прыемна, калі людзі потым выходзяць на сувязь, дзеляцца навінамі. І вельмі няёмка, калі кажуць нейкія словы падзякі. Зараз такая хваля салідарнасці… Як можна заставацца ў баку?
Праваабаронцай я ніколі не была, дапамогай рэпрэсаваным не займалася, але калі разам з мужам мы даведаліся, што адбылося на Акрэсціна… Я адразу зразумела: самастойна шукаць дапамогі шмат хто сам не будзе. Людзі былі напалоханыя, псіхалагічна зломленыя. Менавіта таму мы потым пайшлі ў шпіталі. Расказвалі, запрашалі, а пасля дапамагалі арганізацыйна − куплялі квіткі, рабілі візы.
Адным з першых на праграму паехаў малады чалавек, якому гумавая куля прабіла ступню. Зараз, напрыклад, у санаторый у Душнікі-Здруй мы прывезлі пару, якую ў жніўні закідалі на Пушкінскай светлашумавымі гранатамі. У дзяўчыны і хлопца па аднаму вуху не чуе ўвогуле. З Беларускім Домам будзем шукаць ім доктара, кансультавацца − а раптам можна яшчэ дапамагчы?
Беларускі Дом увогуле дапамагае людзям зарыентавацца ў Польшчы, праводзіць моўныя курсы, кансультуе па юрыдычных пытаннях, дапамагае фінансава.
Я ведаю беларусаў, якія з’ехалі ў Літву, Украіну, Чэхію, але падобных арганізацый там няма. Скажам, у Чэхіі: была праграма падтрымкі, але яна вельмі маленькая! Рэабілітацыю прайшлі толькі 50 чалавек − жылі ў гатэлі, хадзілі ў шпіталь, камусьці з пацярпелых зрабілі аперацыі. А ў Польшчы некаторыя па тры месяцы лечацца, і Беларускі Дом пакрывае гэтыя выдаткі. Таму гэта, канешне, з’ява.
Хочацца, каб людзі гуртаваліся, каб мелі надзею і ведалі, што дапамога ёсць.