Beta

ЯК СКЛАСЦІ CV (РЭЗЮМЭ)?

12.17.2020

У незалежнасці ад таго, якая праца ў Польшчы вас зацікавіла, на пачатковым этапе кандыдатаў судзяць толькі па CV: права на сумоўе і асабістую сустрэчу з працадаўцам яшчэ трэба заслужыць. Як? Сабралі для вас некалькі парад.

Фармат і афармленне

Памятайце, у Польшчы няма «рэзюмэ» − толькі CV (ад лацінскага Curriculum Vitae, жыццяпіс).

DOC і PDF − самыя распаўсюджаныя фарматы. Ідэальная назва файла: CV − ніжняе падкрэсліванне − імя − прозвішча. Напрыклад: CV_Ales_Dashkevich.pdf

Пішыце пра сябе сцісла і дынамічна − старонкі А4 будзе дастаткова.

Фотаздымак

Не забудзьцеся на добрае фота! Сустракаюць, як вядома, па вопратцы. Здымак мусіць адпавядаць класічным патрабаванням.

Асабістыя дадзеныя (Dane personalne)

Імя і прозвішча (imię i nazwisko) пішам лацініцай, як у пашпарце.  

Email − гэта таксама элемент самапрэзентацыі, таму абавязкова стварыце скрыню на міжнародным паштовым сэрвісе, накшталт gmail. Напрыклад, a.dashkevich @gmail.com, дзе «a» − першая літара імя.

З тэлефонам, адрасам і датай нараджэння, быццам, усё зразумела.

 

Адукацыя (Wykształcenie)

 Напішыце пра сваю адукацыю з апошняга месца вучобы.

Слоўнік у дапамогу:

  • сярэдняя адукацыя − wykształcenie średnie
  • вышэйшая адукацыя − wykształcenie wyższe
  • бакалаўр − licencjat
  • дыпламаваны спецыяліст − dyplomowany specjalista
  • ступень магістра/магістр − magister
  • спецыялізацыя − specjalizacja, kierunek
  • агульнаадукацыйная школа − liceum ogólnokształcące
  • гімназія − gimnazjum
  • тэхнікум − technikum
  • школа прафесійнага навучання, пачатковая, сярэдняя, вячэрняя – szkoła zawodowa, podstawowa, średnia, wieczorowa

Вопыт работы (Doświadczenie Zawodowe)

Месцы працы таксама пазначайце ў адваротным храналагічным парадку. Што істотна? Дзе і колькі часу вы працавалі, на якой пасадзе, якія выконвалі абавязкі. Памятайце: калі ўладкоўваецеся ў IT-офіс, не абавязкова пісаць пра тое, як калісьці ў студэнцтве вы працавалі касірам у краме.

Навыкі (Umiejętności)

Падбірайце навыкі пад тую працу, якую хочаце атрымаць. Будаўніку наўрад ці спатрэбіцца дасканалае веданне Microsoft Office. Намёк зразумелі?)

Хобі і захапленні (Zainteresowaniа)

Калі вы проста любіце паслухаць музыку ці пачытаць, то лепш прапусціце гэты блок. Аднак, калі вы гуляеце ў валейбол − абавязкова пішыце! Карпаратыўны дух, dream-team і ўсё такое…

Замежныя мовы (Znajomość języków obcych)

Ці проста języki obce. Як гучаць ўзроўні валодання мовай на польскай?

  • родны ojczysty
  • пачатковы − podstawowy
  • прасунуты − zaawansowany
  • на камунікатыўным узроўні − komunikatywny

Можаце выкарыстоўваць і міжнародную класіфікацыю A/B/C + лічбы 1/2. Такі варыянт падыдзе для тых, хто дакладна ведае свой узровень або скончыў адпаведныя моўныя курсы.

Абавязкова! Дайце свой дазвол на апрацоўку асабістых дадзеных, інакш ваша CV не будзе разгледжана – “Wyrażam zgodę na przetwarzanie moich danych osobowych przez (nazwa firmy) w celu prowadzenia rekrutacji na aplikowane przeze mnie stanowisko”.

Поспехаў у працаўладкаванні!

 

 

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok