Beta

Прэзентацыя новай кнігі Ігара Мельнікава ў Варшаве

11.05.2019
18 лістапада а 19:00 у Беларускім Доме ў Варшаве адбудзецца прэзентацыя кнігі гісторыка Ігара Мельнікава “Верасень 1939-га. Магілы “неаб’яўленай” вайны”. Ігар Мельнікаў – кандыдат гістарычных навук, магістр Варшаўскага Універсітэта, спецыяліст па вайсковай гісторыі Беларусі.

Падзеі верасня 1939 года ўвогуле і падзеі, звязаныя з так званым “вызвольным паходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь”, у савецкі час разглядаліся дастаткова аднабока і прадстаўляліся як мірны ўваход савецкіх падраздзяленняў на тэрыторыю ўсходніх польскіх ваяводстваў, які суправаджаўся радаснымі сустрэчамі з прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва. Паводле савецкіх гісторыкаў і ідэолагаў, на той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі не было актыўных баявых дзеянняў, а страты насілі выпадковы характар. Пасля распаду Сасвецкага Саюза свет убачылі шматлікія архіўныя дакументы, якія сведчылі, што вайсковая аперацыя, праведзеная РСЧА ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай, была цяжкім выпрабаваннем для войска “першай дзяржавы працоўных і сялян”, а баі супраць аслабленых падраздзяленняў Войска Польскага на гэтых тэрыторыях насілі жорсткі і кровапралітны характар. Пра гэта сведчаць шматлікія магілы польскіх і савецкіх вайскоўцаў, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі да нашых дзён. На вялікі жаль, агульнай сістэматызацыяй гэтых вайсковых пахаванняў ніхто не займаўся. З аднаго боку, у Польшчы збольшага вядомыя месцы, дзе знайшлі свой апошні прытулак жаўнеры войска Другой Рэчы Паспалітай, паліцыянты, супрацоўнікі дзяржаўнага апарата і звычайныя грамадзяне, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны ў самым яе пачатку. З іншага – у Беларусі польскія пахаванні застаюцца па-за ўвагай беларускага грамадства. Пра іх памятаюць прадстаўнікі польскай меншасці, якая жыве ў нашай краіне, дыпламаты, але беларускае грамадства, у сваёй большасці, не цікавіцца гэтымі жаўнерскімі магіламі. Між тым, гэта неад’емная частка беларускай вайсковай гісторыі, якую варта ведаць і шанаваць. У сваю чаргу, савецкія пахаванні з верасня 1939 года адышлі ў цень брацкіх магіл перыяда 1941-1945 гадоў, калі Савецкаму Саюзу давялося весці вайну супраць нацысцкай Германіі.

У кнізе “Верасень 1939-га. Магілы “неаб’яўленай” вайны” змешчаная інфармацыя пра польскія і савецкія вайсковыя пахаванні верасня 1939 года. Адразу адзначым – гэта не каталог. У дадзеным выданні ўзгаданыя найбольш знакавыя вайсковыя і грамадзянскія пахаванні (а таксама абставіны гібелі людзей) пачатковага перыяду Другой сусветнай вайны ў Беларусі. Нямецкія бомбы ўпалі на заходнебеларускія гарады ўжо ў самым пачатку вайны, а ў другой дэкадзе верасня на тэрыторыю паўночна-ўсходніх ваяводстваў прыйшла жорсткая і кровапралітная вайна. Пасля 17 верасня 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі з’явіліся пахаванні жаўнераў РСЧА. У кнізе змешчаныя ўнікальныя здымкі з архіва аўтара, замежных і айчынных архіваў, а таксама фатаграфіі, якія паказваюць сучасны стан польскіх і савецкіх пахаванняў верасня 1939 года.

Асаблівая ўвага ў кнізе нададзеная аналізу сталінскіх рэпрэсій супраць так званага “польскага кантынгента” – грамадзян даваеннай Польшчы, якія пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР апынуліся на тэрыторыі Савецкага Саюза. Што такое “Беларускі катынскі спіс” і чые прозвішчы могуць апынуцца ў гэтым дакуменце? Каго дэпартавалі з заходніх абласцей БССР у 1940-1941 гадах? Хто стаў ахвярай жудаснай эвакуацыі турмаў з тэрыторыі савецкай Беларусі ў чэрвені 1941 года? Адказы на гэтыя пытанні чытачы таксама знойдуць у кнізе. Толькі гістарычная праўда і памяць дазволяць зразумець тыя няпростыя падзеі.

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok