Beta

Прэзентацыя паштовак “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам”.

02.17.2015

Vokladka_halounajaШаноўнае спадарства!

У мінскім выдавецтве “Рыфтур” выйшаў набор паштовак “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам”. 22 лютага ў Беларускім доме ў Варшаве (ul. Wiejska 13/3) адбудзецца прэзентацыя праекта з удзелам аўтара — журналіста і гісторыка з Мінска Віктара Корбута.

Гэта першыя ў гісторыі паштоўкі на беларускай мове, прысвечаныя Вільні і яе славутасцям ды знакамітасцям.

На паштоўках адлюстраваны будынкі, звязаныя з жыццём і творчасцю выдатных дзеячаў культуры Вільні беларускага, літоўскага, польскага паходжання — Адама Міцкевіча, Ігнацыя Дамейкі, Эўстахія Тышкевіча, Уладыслава Сыракомлі, Францыска Скарыны, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага, Змітрака Бядулі, Аляксандра Уласава, Браніслава Тарашкевіча, Адама Станкевіча, Максіма Гарэцкага, Антона Луцкевіча, Яна Луцкевіча, Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса, Марыі Пясяцкайце-Шлапялене, Лаздзіну Пяледы, Людаса Гіры, Антанаса Жмуйдзінавічуса ды іншых.

Камплект паштовак стане выдатным падарункам і дапаможнікам турыстам, аматарам даўніны для вандровак па беларускіх і беларуска-літоўска-польскіх мясцінах Вільні Дызайнер паштовак — мастак выдавецтва “Рыфтур” Алена Жданоўская. Рэдактары і рэцэнзенты — вядомыя навукоўцы Адам Мальдзіс, Арсень Ліс, экскурсавод Анатоль Варава. Праект “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам” ажыццяўляецца з мэтай стварэння поўнага даведніка мясцін Вільні, звязаных з жыццём і творчасцю ў гэтым горадзе ўраджэнцаў Беларусі ва ўзаемасувязі з вядомымі асобамі літоўскай, польскай, яўрэйскай культуры Вільні. За навінамі і новымі публікацыямі праекта можна сачыць на яго старонцы ў інтэрнэце: https://www.facebook.com/KorbutVilnius

Адрасы і дзеячы культуры, установы, адлюстраваныя на паштоўках: Вільня. Вуліца Дамінікону (Дамініканская), 11. Будынак вядомы з 1600 г. як уласнасць Эўстахія Валовіча. З XVIII ст. — палац Пацеяў, з другой паловы XIX ст. да 1930-х гг. — Умястоўскіх. У 1906 — сярэдзіне 1940-х гг. на першым паверсе знаходзілася Літоўская кнігарня, што належала Марыі Пясяцкайце-Шлапялене. Тут з 1906 г. прадаваліся літоўскія і беларускія газеты, кнігі. Сюды разам завітвалі Янка Купала і Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс.

Вільня. Вуліца Піліма (Завальная), 5. Дом пабудаваны ў пачатку ХХ ст. Тут знаходзіліся рэдакцыі беларускіх газет «Наша ніва» (1911–1913, 1920), «Гоман» (1916–1917), «Krynica» (1921, 1923–1925), «Biełaruskaja krynica» (1925), часопісаў «Саха» (1912–1913), «Krywičanin» (1918), Беларуская кнігарня (1913–1926), захоўвалася калекцыя старажытнасцей Яна Луцкевіча. Тут жылі і працавалі Вацлаў Ластоўскі (1910–1920), яго жонка Марыя Іванаўскайце-Ластаўскене (Лаздзіну Пяледа), працавалі Ян Луцкевіч, Аляксандр Уласаў, Станіслаў Станкевіч Кнігар, бывалі Максім Багдановіч (1911), ЗPylimo5aмітрок Бядуля, Янка Купала, Цётка, Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) (1912, 1923), Людас Гіра, Софія Іванаўскайце-Пшыбіляўскене (Лаздзіну Пяледа), Антанас Жмуйдзінавічус.

Вільня. Вуліца Швянта Мікалояўс (Святога Мікалая), 4. Касцёл Святога Мікалая. Збудаваны ў пачатку XVI ст. У 1901–1939 гг. адзіны храм у Вільні, дзе чыталі казані па-літоўску. У 1901–1906 гг. плябанам служыў Юозапас Кукта. Тут знаходзіўся таемны склад выданняў друкарні Марцінаса Кукты (Марціна Кухты). З 1921 г. штонядзелі а 10-й гадзіне адбываліся набажэнствы з казанямі па-беларуску. Да 1940 г. іх служыў ксёндз Адам Станкевіч, а таксама ў 1920-я гг. Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк), Вінцэнт Гадлеўскі, Язэп Германовіч. У храме бралі шлюб Лявон Вітан-Дубейкаўскі і Юльяна Мэнке (1922), Браніслаў Тарашкевіч і Вера Снітка (1923), Антон Войцік і Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) (1926). У 1920-я— 1930-я гг. беларускім хорам пры касцёле кіравалі Антон Грыневіч, Альбін Стаповіч, Адольф Клімовіч, Ян Пазняк. 25 верасня 1989 г. ксёндз Вацлавас Алюліс адслужыў тут набажэнства па-беларуску.

Вільня. Вуліца Вільняўс (Віленская), 37. Дом пабудаваны ў канцы ХІХ ст. У 1920-я гг. тут знаходзіліся рэдакцыі беларускіх газет, часопісаў, сядзібы Таварыства беларускай школы, Беларускага студэнцкага саюза віленскага Універсітэта Стэфана Баторыя, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта. У гэтым будынку жыў і працаваў Браніслаў Тарашкевіч (1922–1926), працавалі Янка Пачопка, Людвіка Сівіцкая-Войцік (Зоська Верас) (1923–1927), Антон Войцік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Луцкевіч, жыў Язэп Драздовіч.

Вільня. Вуліца Вільняўс (Віленская), 14. Дом пабудаваны ў канцы XVIII ст., рэканструяваны ў XIX — пачатку ХХ ст. Тут знаходзіліся рэдакцыі беларускай газеты «Наша ніва» (1913–1915), часопіса «Саха» (1913), крама беларускай жаночай бялізны «Мілавіца» (2011–2014), жыў і працаваў Янка Купала (1914–1915), працавалі Змітрок Бядуля (1914–1915), Аляксандр Уласаў (1913–1914), Вацлаў Ластоўскі (1913–1914), Язэп Драздовіч (1914). Вільня. AusrosVartu-1Вуліца Аўшрос Варту (Вострабрамская), 7а. Колішні кляштар базылян і базылянак («базылянскія муры»). Пабудаваны ў пачатку XVII ст. Дзейнічаў да 1827 г. У 1823–1824 гг. — турма, дзе былі зняволены філаматы Адам Міцкевіч, Ігнацы Дамейка. У 1845–1915 гг. — праваслаўная духоўная семінарыя. Тут знаходзіліся рэдакцыя газеты «Беларуская думка» (1919), Віленская Беларуская рада (1919), Віленская беларуская гімназія (1919–1932), беларускі філіял віленскай польскай дзяржаўнай гімназіі імя Юльюша Славацкага (1932–1937), Беларускае навуковае таварыства (1921–1939), Віленскі беларускі музей (1921–1944). Дырэктарамі музея працавалі Антон Луцкевіч (1921–1939), Мар’ян Пецюкевіч (1940–1941), Ян Шутовіч (1941–1944). У гімназіі выкладалі Алена Сакалова-Лекант (з 1919), Максім Гарэцкі (1919–1923), Адам Станкевіч (з 1919), Антон Луцкевіч (з 1920), Леаніла Чарняўская, Ян Станкевіч, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Коўш (з 1928), дырэктарамі працавалі Міхал Кахановіч (1919–1922), Браніслаў Тарашкевіч (1922), Антон Неканда-Трэпка (1922–1923), Радаслаў Астроўскі (1923–1927, 1929–1936), Сяргей Паўловіч (1927–1928), вучылася Наталля Арсеннева (1919–1921).

Вільня. Вуліца Дзіджоі (Вялікая), 19, 19а. Дом збудаваны ў канцы XVI або ў пачатку XVII ст. Ёсць меркаванне, што будынак тады належаў купцам беларускага паходжання Кузьму і Лукашу Мамонічам, якія адкрылі тут друкарню, дзе сярод іншага быў выдадзены на рускай (старабеларускай) мове трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага (1588). У 1990 г. на будынку ўсталявана мемарыяльная шыльда з надпісам па-літоўску і па-беларуску: «З 1522 да 1525 году тут, у горадзе Вільні, беларускі асьветнік Францішак Скарына выдаў у Вялікім Княстве Літоўскім першыя друкаваныя кнігі».

Вільня. Вуліца Траку (Троцкая), 1. Будынак вядомы з пачатку XVI ст. У 1792–1863 гг. належаў Тышкевічам. Іх родавы герб «Ляліва» аздабляе франтон дома. Фасад адметны балконам са скульптурамі двух атлантаў работы Франчэска Андрыёлі і Юзафа Казлоўскага (каля 1860). Эўстахі Тышкевіч захоўваў тут калекцыі будучага Віленскага музея старажытнасцей (першая палова 1850-х). У другой палове ХІХ ст. у колішнім палацы знаходзіўся суд, дзе працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч (1884–1898). У будынку размяшчалася рэдакцыя беларускай газеты «Наша ніва» (1907–1908), дзе працавалі Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч, Якуб Колас.

Вільня. Вуліца Барборас Радвілайцес (Барбары Радзівіл), 3. Дом пабудаваны, магчыма, яшчэ ў XVII ст. У 1852–1862 гг. у ім жыў і памёр Людвік Кандратовіч (Уладыслаў Сыракомля). У 1934–1938 гг. тут знаходзіліся Беларускі кааператыўны банк, Беларускае кааператыўнае таварыства «Пчала», рэдакцыя часопіса «Беларуская борць» (яго выдаўцом-рэдактарам працавала Людвіка Войцік (Зоська Верас)).TE

 

Запрашаем а 14:00 гадзіне ў Беларускі Дом (ul. Wiejska 13/3)

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok