Beta

У Варшаве абмеркавалі Беларусь перад дзвюма электаральнымі кампаніямі

09.24.2019

Беларускі дом у Варшаве ў межах штогадовай канферэнцыі БДІПЧ АБСЕ зладзіў абмеркаванне палітычных выклікаў, якія стаяць перад Беларуссю. Асноўнае пытанне, якое хацелі праясніць эксперты: у якім стане беларускае грамадства знаходзіцца перад выбарамі?  

“Сацыялагічныя даследаванні паказваюць: настроі грамадства змяніліся пасля падзей ва Украіне ў 2014 годзе. Насельніцтва Беларусі бачыць у Расіі бяспеку, праеўрапейскі вектар цяпер аслаблены”, — кажа сацыёлаг Аксана Шэлест, старшы эксперт Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.

Таксама эксперт заўважае, што і стаўленне Еўропы да Беларусі ў апошнія гады змянілася. У фінансавае супрацоўніцтва актыўна ўключаюцца дзяржаўныя арганізацыі. Яна канстатуе, што беларускі трэці сектар цяпер абсалютна дэпалітызаваны. Пералічаныя фактары выглядаюць небяспечна, асабліва ў сітуацыі, калі Расія цісне на Беларусь і настойвае на паглыбленні інтэграцыйных працэсаў.

Кіраўнік “Арт-сядзібы” Павел Белавус зазначае, што калі яго ініцыятыва стваралася як месца камунікацыі па-беларуску, дык цяпер “культурная экспансія” дакацілася і да дзяржавы, якая часам падхоплівае культурныя трэнды. Як прыклад тут — кампанія па папулярызацыі вышыванак. У той жа час дзяржава працягвае фінансаваць не культуру, а ўласнае падтрыманне і закрывае вочы на пагрозы ад прарасійскіх ініцыятыў, якія распаўсюджваюць ілюзію, што дзейнасць беларускіх арганізацый нясе русафобскі характар.

Уплыў Расіі на Беларусь застаецца вялікім. Новае ж у гэтай сітуацыі — тое, што Расія не толькі хоча прагматычна зарабляць на Беларусі ці мець буфер паміж сабой і заходнімі краінамі, але і занялася беларускімі рэгіёнамі. Былы расійскі пасол у Беларусі Міхаіл Бабіч — першы расійскі чыноўнік, які пачаў вывучаць Беларусь знутры, лічыць эксперт Андрэй Паротнікаў. Эксперт дадае, што наўрад ці будзе прамы ўдар з боку Расіі, бо яна пачала “гуляць у доўгую”: у беларуска-расійскім памежжы наша суседка актыўна заангажоўвае моладзь у сваё поле ўплыву.

Андрэй Паротнікаў зазначыў, што вакол пытання інтэграцыі ў Беларусі раздзьмулі „сапраўдную істэрыю”:

Няма сведчанняў таго, што ў расейскія доўгатэрміновыя планы ўваходзіць анексія Беларусі. Калі мы паглядзім, якія найбольш пажаданыя фарматы адносінаў Расеі з Беларуссю для Крамля, то гэта адносіны Расеі і Паўднёвай Асеціі. Гэта фактычна неаімперыялістычная палітыка ў межах якой Крэмль хоча мець магчымасць уплываць на асноўныя знешнія і ўнутрыпалітычныя рашэнні ў Менску, таксама забяспечваць прыцягненне беларускіх рэсурсаў, уласную бяспеку і зарабляць на гэтым. 

 

Рэгіёны жывуць сваім жыццём, аднак разуменне, што Беларусь мусіць захаваць сваю незалежнасц, ёсць і там. Таму не варта “аддаваць іх на водкуп” Расіі, падсумоўвае і сацыёлаг з Магілёва Юры Стукалаў. Станоўчы досвед расійскай супрацы з рэгіёнамі Беларусі неабходна пераймаць заходнім партнёрам.

ВОЛЬГА МІЦКЕВІЧ, ЕўраРадыё

 

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok