Beta

У Варшаве адкрылася фотавыстава “Беларусь. Шлях да свабоды”

12.10.2020

Беларусь змагаецца, Беларусь марыць, Беларусь верыць: у гістарычным цэнтры Варшавы адкрылася фотавыстава “Беларусь. Шлях да свабоды”. У музей пад адкрытым небам ператварыўся сквер імя Яна Твардоўскага. Менавіта там да 31 снежня можна будзе ўбачыць здымкі фотакарэспандэнтаў тэлеканала “Белсат” і газеты “Наша Ніва”.

Надзя Бужан, Аляксандр Васюковіч, Ірына Арахоўская і Таццяна Капітонава, рызыкуючы здароўем і свабодай, імкнуліся да таго, каб Польшча і ўся Еўропа ведалі, за што і з кім змагаюцца беларусы і беларускі. Жорсткія затрыманні, маршы свабоды, нявеста ў бчб-сукенцы і легендарная Ніна Багінская: 30 кадраў − як пранізлівая хроніка барацьбы і надзеі беларусаў. На адкрыцці выставы іх вітаў прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі:

– Я радуюся, што гэты праект мы распачынаем менавіта ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Што менавіта сёння мы паказваем праўдзівую Беларусь, дзе доўгі час працягваюцца пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў.

Кіраўнік Беларускага Дома ў Варшаве, куратар і аўтар праекта Алесь Зарэмбюк адзначае, што экспазіцыя разгорнецца не толькі ў сталіцы. “Шлях да свабоды”  убачаць Катавіцы, Быгдашч, Кракаў. Ёсць, само сабой, і онлайн-версія.

– На гэтых  здымках мы бачым быццам два розныя вымярэнні − мірных і шчаслівых беларусаў і чорных карнікаў, якія б’юць жанчын, забіваюць людзей і робяць усё, каб мы як мага даўжэй чакалі свабоды. Але мы верым, што пераможам.

А чалец Прэзідыума Каардынацыйнай рады Беларусі Павел Латушка дадаў, што міжнародная салідарнасць − гэта таксама вялікі ўнёсак на шляху Беларусі да свабоды.

– Для беларускага народа гэта вельмі цяжкі перыяд барацьбы, цяжкі перыяд супрацьстаяння рэжыму. І ўсё ж беларусы адчуваюць, што яны маюць падтрымку. Што праўда на іх баку.

Палітыкі, журналісты і, вядома ж, беларусы Варшавы: на адкрыццё выставы прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх і мінчанка Кацярына, фота якой ў верасні абляцела ўвесь інтэрнэт і стала  на вокладку шляха да свабоды.

– Тут шмат трагічных кадраў, але мая фатаграфія пазітыўная. Мне здаецца, яна дае надзею.Я цяпер у Варшаве, але мае бацькі па-ранейшаму кожныя выхадныя выходзяць на марш. Напэўна, усе пакаленні зразумелі, што перамены неабходныя. Галоўнае − верыць. Перамагчы без веры немагчыма.

Выстава “Беларусь. Шлях да свабоды” працягнецца да 31 снежня. Месца правядзення: сквер імя ксяндза Яна Твардоўскага, вул. Кракаўскае Прадмесце. Арганізатары: фундацыя “Беларускі Дом у Варшаве”, горад Варшава, Дом Сустрэч з Гісторыяй.

Jak pojechać do Białorusi
Czytać więcej na ten temat
Вашы персанальныя дадзеныя будуць апрацаваныя Фондам "Беларускі Дом" у адпаведнасці з палітыкай прыватнасці. Памятайце, што вы заўсёды можаце адклікаць сваю згоду.
Ok